СВІДРАВА́ЛЬНЫ СТАНО́К,

станок для свідравання адтулін у метал. і неметал. загатоўках.

Асн. характарыстыкі С.с. — найб. ўмоўны дыяметр свідравання, памеры конуса шпіндэля, вылет шпіндэля, найменшая і найб. адлегласць ад тарца шпіндаля да стала і да фундаментнай пліты. Тыпы універсальных С.с. у металаапрацоўцы: настольна-свідравальныя (аднашпіндэльныя), вертыкальна-свідравальныя (аднашпіндэльныя), радыяльна-свідравальныя, мнагашпіндэльныя, С.с. для глыбокага свідравання. Канструкцыі С.с. для дрэваапрацоўкі — свідравальна-пазавальныя і свідравальна-даўбёжныя (гл. Даўбёжны станок). Выкарыстоўваецца таксама для чыставой апрацоўкі (зенкеравання, разгортвання) адтулін, для наразання ўнутр. разьбы, для зенкавання паверхняў.

На Беларусі вертыкальна- і настольна-свідравальныя станкі вырабляе Маладзечанскі станкабудаўнічы завод.

т. 14, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)